Грамадзянам Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, будзе лягчэй атрымаць польскія праязныя дакументы для іншаземца. Змены ў заканадаўстве былі ўведзены дзвюма Пастановамі Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, якія ўступілі ў сілу 1 ліпеня 2023 г. Яны прадстаўляюць сабой яшчэ адзін інструмент актыўнай падтрымкі, якая аказваецца беларускаму народу польскімі ўладамі з жніўня 2020 г.
На падставе першай з гэтых дзвюх Пастаноў[i] грамадзяне Беларусі былі вызвалены (у адпаведнасці з п. 7 ч. 1 арт. 236 Закону ад 12 снежня 2013 г. «Аб іншаземцах» – Заканадаўчы Веснік ад 2023 г., паз. 519 з пазн. зм.) ад неабходнасці аплачваць збор за выдачу польскага праязнога дакументу для іншаземца[ii]. Вызваленне ад аплаты з'яўляецца бестэрміновым і будзе дзейнічаць да часу, пакуль дадзеная Пастанова будзе мець юрыдычную сілу.
У выпадку, калі грамадзянін Беларусі ўжо падаў заяву на атрыманне дакументу, заплаціў адпаведны збор, а дакумент не быў выдадзены да 30 чэрвеня 2023 г. (дата выдачы адлюстравана ў самім дакуменце), то аплата будзе вернута Ваяводам (на падставе палажэння арт. 236(а) Закону «Аб іншаземцах»), якому яна была заплочана. У сваю чаргу, калі дакумент быў выдадзены да 1 ліпеня 2023 г., то аплата не будзе вернута.
У сувязі з публікацыяй другой з вышэй узгаданых Пастаноў[iii] грамадзяне Беларусі могуць падаць заяву на выдачу польскага праязнога дакументу для іншаземца на прэферэнцыйнай аснове (зацверджана палажэннямі ч.1 арт. 252(а) Закону «Аб іншаземцах»). У яе рамках павінны быць выкананы наступныя ўмовы:
1. іншаземец згубіў свой праязны дакумент, альбо яго праязны дакумент быў знішчаны ці з'яўляецца неактуальным (страціў дзеянне), альбо ён не меў да гэтага часу праязнога дакументу;
2. іншаземец мае пастаянны (бестэрміновы) від на жыхарства, доўгатэрміновы від на жыхарства рэзідэнта Еўрапейскага Саюзу, гуманітарны від на жыхартсва, статус дадатковай аховы ці часовы від на жыхарства (у апошнім выпадку незалежна ад падставы, на якой дакумент быў выдадзены).
Такім чынам, узгаданая канкрэтная падстава для выдачы польскага праязнога дакументу для іншаземца адрозніваецца ад падставы, якая акрэслена ў агульным палажэнні арт. 252 Закону «Аб іншаземцах» тым, што:
• з заявай на атрыманне польскага праязнога дакументу для іншаземца можа звярнуцца таксама асоба, якая яшчэ не мела праязнога дакументу,
• не патрэбна даказваць, што дадзеная асоба не можа атрымаць праязны дакумент ад уладаў дзяржавы, грамадзянінам якой ён з'яўляецца,
• асоба, што падае заяву на атрыманне дакументу, можа таксама мець дазвол на часовае жыхарства, выдадзены на падставе, якая адрозніваецца ад прадугледжанай у п. 9 ч. 1 арт. 186 Закону «Аб іншаземцах».
Умовай для таго, што грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць польскі праязны дакумент на дадзенай прэферэнцыйнай падставе, з'яўляецца падача заявы на яго атрыманне ў перыяд з 1 ліпеня 2023 г. па 31 снежня 2023 г. Заявы, пададзеныя Ваяводам да 1 ліпеня 2023 г., будуць разгледжвацца ў адпаведнасці з агульнымі палажэннямі арт. 252 «Аб іншаземцах».